- Это мероприятие прошло.
Сюды заўседы хочацца вярнуцца
6 июля
FreeУ Ханявічах упершыню ладзілася свята пад назвай «Сюды заўсёды хочацца вярнуцца». Гэты дзень не адзначаны ў календары, але святкаваць ды гуляць сабраўся ўвесь аграгарадок. Панаехала і гасцей. Тых, каго цягне сюды, на ханявіцкую зямлю, бацькоўская хата, каго некалі з гэтым куточкам звязаў лёс. І так моцна звязаў, што, ад’ехаўшы (зусім не важна, колькі з той пары часу мінула), як толькі з’яўляецца нагода – такая, як арганізаваная сустрэча землякоў, – людзі сядаюць у аўто і кіруюць у бок Ханявічаў.
Не давала сумаваць канцэртная праграма «Гуляй, вёска!», наладжаная ханявіцкімі артыстамі і іх калегамі па цэху са Свіслачы, Вердамічаў і Поразава. Свайго гледача знайшлі выстаўка карцін таленавітага ўраджэнца Ханявічаў – мастака Алега Грыца, фотаўспамін са старых здымкаў «Гэта было нядаўна, гэта было даўно…», зацікавіла выстава-продаж сувенірнай прадукцыі з беларускім каларытам ад свіслацкіх майстроў – аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Як шырока адчыняюцца перад гасцямі вароты ханявіцкіх падвораў, прадэманстравалі ўдзельнікі конкурсу «Гасцінны двор». Адзначылі і тых, хто, пакінуўшы вёску, усё ж не забывае сваёй Бацькаўшчыны, прыязджае, даглядае родны двор і хату.
На пытанне «Чаму ж заўсёды хочацца вярнуцца ў Ханявічы?» ля мікрафону паспрабавалі адказаць мясцовыя старажылы. Чаму ж? Таму што тут і неба блакітнейшае, і сонца ярчэйшае, і трава зелянейшая, і птушкі прыгажэй спяваюць. Таму што тут адчуваецца пачуццё, якое не выказаць словамі, – яно ў душы, у сэрцы, сагравае і надае сілы. Гэта тое, што застанецца з кожным, хто звязаны з Ханявічамі, назаўжды.